Расія аднаўляе пастаўку ўкраінскіх цукерак Roshen

28.11.2013 / 14:11

Украінская кандытарская карпарацыя Roshen можа аднавіць пастаўкі сваёй прадукцыі на расійскі рынак да 1 снежня.

Пра гэта заявіў кіраўнік Дзяржспажыўінспекцыі Украіны Сяргей Арэхаў па выніках перамоваў з Расспажыўнаглядам.

У расійскім ведамстве пакуль не пракаментавалі словы Арэхава.

Некалькі дзён таму ў Расспажыўнаглядзе паведамілі, што дамовіліся з украінскімі калегамі аб вырашэнні пытання з пастаўкамі прадукцыі Roshen. Аднак канкрэтныя тэрміны тады не называліся.

Пастаўкі кандытарскіх вырабаў Roshen, выпушчаныя на ўкраінскіх фабрыках кампаніі, былі забароненыя Расспажыўнаглядам у ліпені. У ведамстве патлумачылі сваё рашэнне павышаным утрыманнем у ласунках канцэрагеннага рэчыва бензапірэну. Пры гэтым да прадукцыі Roshen, выпушчанай на расійскай фабрыцы кампаніі, у Расспажыўнагляда прэтэнзій не ўзнікла.