Апублікавана відэа захопу амерыканскім спецназам аднаго з лідараў «Аль-Кайды»

12.02.2014 / 11:06

The Washington Post 10 лютага размясціла на сваім сайце відэазапіс аперацыі па захопу аднаго з лідараў «Аль-Кайды» Абу Анаса аль-Лібі. Аперацыя па затрыманні падазраванага ў тэрарызме праводзілася ў лівійскім Трыпалі 5 кастрычніка 2013 года сіламі ФБР, ЦРУ і падраздзялення Delta Міністэрства абароны ЗША.

На запісе відаць, што машыну, у якой ехаў аль-Лібі заблакавалі два іншыя аўтамабілі: мікрааўтобус і легкавік. З іх выскачылі ўзброеныя спецназаўцы. Яны выцягнулі лідара «Аль-Кайды» з салона, заштурхалі яго ў мікрааўтобус і з'ехалі.

Пасля захопу аль-Лібі быў дастаўлены на допыт на борт амерыканскага ваеннага карабля ў Міжземным моры, а пазней — у ЗША, дзе яго аддалі пад суд.

Аль-Лібі падазраюць у арганізацыі шэрагу тэрарыстычных атак у Азіі і Афрыцы і актыўнай працы на міжнароднае тэрарыстычнае падполле.

У самой Лівіі яго захоп выклікаў буру абурэння сярод мясцовых ісламістаў, якія на некаторы час ўзялі ў закладнікі прэм'ер - міністра краіны, абвінавачанага імі ў супрацоўніцтве з амерыканцамі. Частку ўрада атрымалася вызваліць толькі пасля шматгадзінных перамоў.