«Яндэкс» навучыўся знаходзіць песні па «пу пу піду»

12.02.2014 / 20:27

Інтэрнэт-пошукавік «Яндэкс» навучыўся шукаць песні па фразах, якія імітуюць іх тэкст або музычны матыў. Паведамленне аб гэтым з'явілася ў афіцыйным блогу «Яндэкса».

Цяпер карыстальнікі сэрвісу могуць уводзіць у пошукавы радок фрагменты «напеваў» той ці іншай песні, а пошукавік на падставе папярэдніх карыстальніцкіх запытаў будзе «адгадваць», якую менавіта кампазіцыю шукае чалавек.

Так, напрыклад, па запыце «эла эла э э э слухаць» у пошукавай выдачы «Яндэкса» выводзіцца песня Рыяны «Umbrella», па запыце «пу пу піду слухаць» — песня ў «I Wanna Be Loved By You» у выкананні Мэрылін Манро. Набраўшы ў пошуку «йу-ху песня» можна знайсці кампазіцыю «Song 2» гурту Blur.

Акрамя сайтаў з тэкстамі песень у пошукавай выдачы па падобных запытах таксама адлюстроўваюцца спасылкі на самі трэкі, праслухаць якія можна з дапамогай сэрвісу «Яндэкс.Музыка». Музычны сэрвіс пошукавіка быў запушчаны ў 2010 годзе і цяпер супрацоўнічае з больш чым 50 праваўладальнікамі.