Фіктыўна ўладкавалі на працу мінчука і атрымлівалі за яго заробак

Грошы вярнулі, але пагражае турма.

20.02.2014 / 11:47

Заведзена крымінальная справа супраць службовых асобаў жыллёва-камунальнага ўпраўлення «Гатава» КУП «ЖКГ Мінскага раёна».

«Устаноўлена, што падазраваныя злоўжывалі службовымі паўнамоцтвамі, фіктыўна працаўладкавалі мінчука на названае прадпрыемства ў якасці аператара водаправодна-каналізацыйнага ўчастка, якому налічваўся заробак, але рэальна апошні там не працаваў. Налічаныя грашовыя сродкі з банкаўскай карткі здымаліся і размяркоўваліся паміж службовымі асобамі. Імі было скрадзена больш за 54 мільёны рублёў», — паведаміла прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.

Нанесеная шкода ўжо цалкам кампенсаваная.

Крымінальная справа заведзена за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены групай асобаў па папярэдняй змове ў буйным памеры. За такое злачынства прадугледжваецца пакарнне ў выглядзе пазбаўлення волі ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады альбо займацца пэўнай дзейнасцю.

СМ