З 1 лістапада за нясвоечасовую аплату Байфлая і Залы будзе налічвацца пеня

04.11.2014 / 11:55

Нацыянальны аператар электрасувязі «Белтэлекам» увёў пеню за нясвоечасовую аплату рахункаў за паслугі электрасувязі.

З 1 лістапада паводле п.1 артыкула 366 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь у выпадку неаплаты абаненту будуць налічвацца працэнты за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі ў памеры стаўкі рэфінансавання Нацбанка.

Каб пазбегнуць дадатковых выдаткаў, «Белтэлекам» рэкамендуе аплочваць паслугі не пазней за 25 дзень бягучага месяца. Пад новыя правілы падпадаюць усе абаненты «Белтэлекама», у тым ліку абаненты інтэрнэт-правайдара byfly і інтэрактыўнага тэлебачання ZALA.

Паслугамі byfly на пачатак 2014 года карысталіся 1,8 млн беларусаў, тэлефоннай сувяззю — 4,3 млн.

Алесь Жарскі