Расследуецца буйная справа аб выкрадальніках бетону

04.11.2014 / 10:54

Следчым упраўленнем УСК па Мінскай вобласці расследуецца крымінальная справа аб крадзяжы ў буйным памеры бетонных сумесей у дачыненні да арганізаванай групы.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог, рашэнне аб распачынанні крымінальнай справы прынята следствам на падставе аналізу аператыўных матэрыялаў супрацоўнікаў УБЭЗ ГУУС Мінгарвыканкама. 

Устаноўлена, што 31-гадовы вадзіцель аўтабетоназмешвальніка аднаго з прыватных транспартных прадпрыемстваў Мінска з кастрычніка 2013 па люты 2014 года, увайшоўшы ў змову з іншымі вадзіцелямі і службовымі асобамі шэрагу будтрэстаў, сістэматычна ўчыняў крадзяжы бетону. Удзельнікі арганізаванай групы спісвалі атрыманыя на заводзе бетонныя сумесі як будаўнічыя матэрыялы, ужо выкарыстаныя на мэтавых будаўнічых аб'ектах. Потым выкрадзенае прадавалася фізічным асобам і дастаўлялася на ўчасткі індывідуальнай забудовы. З мэтай утойвання прысваення і растраты бетону ў суправаджальныя і іншыя дакументы ўносіліся заведама фіктыўныя звесткі аб атрыманні і выкарыстанні гэтых будматэрыялаў на аб'ектах будаўніцтва з бюджэтным фінансаваннем. 

У працэсе расследавання выяўлена больш за 35 фактаў крадзяжу бетону. У дачыненні да абвінавачванага прыменена мера стрымання ў выглядзе залогу.

Па крымінальнай справе ў статусе падазроных знаходзяцца 14 чалавек, сярод якіх вадзіцелі, аператары, майстры і іншыя работнікі будтрэстаў Мінска. Іх дзеянні кваліфікаваныя следствам у залежнасці ад ролі кожнага з фігурантаў справы па ч. 3 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў буйным памеры), ч. 2 арт. 209 КК (махлярства, учыненае групай асоб). 

Прычынены ўрон, які склаў каля 300 млн. рублёў, кампенсаваны ў поўным аб'ёме. 

У ходзе следчых дзеянняў накладзены арышт на маёмасць фігурантаў на суму больш чым 500 млн. рублёў.

БелаПАН