У «ДНР» і «ЛНР» хочуць перагледзець мінскі пратакол аб спыненні агню

05.11.2014 / 10:29

Сепаратысты з самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» заяўляюць, што адмена Кіевам закона аб асаблівым статусе Данбаса наносіць шкоду мірнаму працэсу, і настойваюць на пераглядзе мінскага пратакола.

«Відавочна, што яго рэдакцыя павінна быць перагледжана. ДНР і ЛНР не могуць дзейнічаць на падставе дакумента, з якога Парашэнка выключыў прынцыпова важныя пункты. Мы гатовыя працаваць над новай рэдакцыяй пратакола», — гаворыцца ў заяве сепаратыстаў.

Напярэдадні Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны рэкамендавала прэзідэнту краіны ўнесці ў парламент законапраект аб адмене асаблівага рэжыму самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей.

Раней Парашэнка заяўляў, што правядзенне ў Данбасе «псеўдавыбараў» тарпедавала гэты закон і рэзка абвастрыла сітуацыю.