Паляка будуць судзіць за ўдзел у баявых дзеяннях на баку «Наваросіі»

08.12.2014 / 22:33

У Польшчы ўзбуджаная крымінальная справа супраць грамадзяніна краіны, які з'ехаў на ўсход Украіны для ўдзелу ў баявых дзеяннях на баку сепаратыстаў.

Пракуратура горада Бельска-Бяла абвінавачвае ў найміцтве 29-гадовага паляка, па непацверджаных дадзеных — члена праварадыкальнай арганізацыі Obóz Wielkiej Polski («Лагер Вялікай Польшчы»).

Як менавіта польскім уладам удалося вылічыць падазраванага, не паведамляецца, аднак, па некаторых дадзеных, ён пакідаў у інтэрнэце каментары прарасійскага зместу. У прыватнасці, у адным з запісаў паляк заяўляў, што «не будзе сядзець перад камп'ютарам, пакуль Захад нападае на блізкую краіну».

Акрамя таго, у кастрычніку 2014 журналіст RT Грэм Філіпс, распавёў, што сустрэў на Данбасе паляка, які прыехаў «змагацца за Наваросію». Да твіта Філіпса была прымацаваная фатаграфія, на якой паляк дэманстраваў свой пашпарт.