У кінатрылогіі «Уладар Пярсцёнкаў» налічылі 200 тысяч смярцей ВІДЭА

Эпічны паход хобітаў у Мордар завершыўся дзесяць год таму, але фанаты толькі зараз палічылі ахвяры. Усяго за тры фільмы на экране загінула 212 470 жывых істот, сцвярджае Digg.

11.12.2014 / 12:59

Нягледзячы на жудасныя лічбы, «Уладара Пярсцёнкаў» рэжысёра Пітэра Джэксана па матывах раманаў Джона Толкіна цяжка назваць крывавай бойняй. Асноўную колькасць смярцей неслі вада і армія прывідаў, а іх забойствы не паказаныя буйным планам.

Значна больш крывавай лічыцца эпапея «Гульня тронаў» па раманах Джорджа Марціна. Але дзіва: у ёй налічылі толькі пяць тысяч смярцей за тры сезоны на экране.

З чацвера на беларускіх экранах паказваецца трэцяя і апошняя частка прыгод хобітаў Толкіна: «Хобіт. Бітва пяці войскаў», падзеі ў якой адбываюцца да згаданых ва «Уладары Пярсцёнкаў». Па водгуках крытыкаў, стужка, у адрозненне ад двух папярэдніх «Хобітаў», амаль цалкам складаецца з батальных сцэн.

Аляксандр Арсёнаў