Казакі-«антыфашысты» патрабуюць адстаўкі кіраўніцтва «ЛНР»
30.12.2014 / 18:51
Выбары ў «Луганскай Народнай Рэспубліцы» праводзіліся пад прымусам, а кіраўніцтва «ЛНР» крадзе грошы і падманвае людзей, заявіў лідар так званай Казачай Нацыянальнай Гвардыі Павал Дромаў, прарасійскі баявік мясцовага паходжання.
«Хацелася б спытацца ў самой Расіі — да якога часу нейкія Платніцкія будуць нас рабаваць?.. З 10 гуманітарных канвояў да народа патрапіў толькі адзін, усе астатнія распрадалі», — сказаў Дромаў у сваім відэазвароце.
«Хопіць хлусіць! Мы выйшлі за свабоду, мы свабодны народ. Спадар Платніцкі заявіў ў Бранску, што казакі не ведаюць законаў і межаў. Дык вось, паважаны Ігар Венедзіктавіч, вы — вор, вор сацыяльнага даверу. Вы ўвялі сацыяльныя карткі, не прыйдзеце на выбары — не атрымаеце пенсіі. Такога шантажу не было нідзе ў свеце, нават у фашыстоўскай Украіне», — дадаў Дромаў.
«Вы горш за іх. Мы патрабуем вашай адстаўкі. Мы, першы казачы полк імя Платава, патрабуем вашай адстаўкі, і за намі паднімецца ўся Луганская вобласць», — кажа лідар узброенага фармавання, якое, згодна з паведамленнямі прэсы, кантралюе гарады Першамайск, Севераданецк і Свярдлоўск.
Поўны выступ Дромава.
Ён таксама пагражае апрылюдніць нейкую небяспечную для кіраўніцтва «ЛНР» інфармацыю, калі з кімсьці з ягоных падначаленых нешта здарыцца.
Дромаў, які ўжо неаднаразова выступаў з рэзкай крытыкай урада «ЛНР», кажа, што пад ягоным кіраўніцтвам знаходзяцца 1.500 баевікоў.