Антынаркатычны дэкрэт парушыў работу беларускіх плацежных сістэм

Аб абмежаваннях у рабоце плацежных сервісаў праз дэкрэт «Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў» распавядае Electroname.

06.01.2015 / 15:56

Праект «МТС Грошы», што дазваляў рабіць плацяжы з рахунку мабільнага тэлефону, часова прыпыніў работу з 1 студзеня 2015 года.

Сістэма плацёжных тэрміналаў QIWI прыпыніла папаўненне электроных кашалькоў Belqi, EasyPay і WMB, але абяцае паведаміць аб магчымасці аднаўлення паслуг.

Прыпыніла сваю дзейнасць і сістэма мабільных плацяжоў iPay.

Пакуль не адкрывае новыя рахункі Belqi – новыя правілы вымагаюць працэдуру ідэнтыфікацыі карыстальніка ў «Прыёрбанку» (у цяперашніх уладальнікаў на ідэнтыфікацыю ёсць час да 1 сакавіка). Такое жа правіла ўвялі W1 Bel, ідэнтыфікацыі патрабуе і WebMoney.

У мэтах барацьбы з продажам наркотыкаў Дэкрэт №6 увёў абавязковую ідэнтыфікацыю ўладальнікаў электронных кашалькоў у плацёжных сістэмах, што дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, былі павялічаныя пакаранні для гандляроў наркотыкамі, МУС атрымала дадатковыя паўнамоцтвы, уведзенае паняцце «аналагу наркотыкаў», створаная сістэма ўліку наркаманаў, узмоцнены кантроль у інтэрнэце.

Аляксандр Арсёнаў