Па дарозе з раю ў рай: рэпартаж з першага ў краіне прыватнага дома для састарэлых

17.02.2015 / 08:52

Старэць увогуле цяжка. Старэць у адзіноце — амаль невыносна.

Таму і бягуць людзі, хто куды можа. Хтосьці да сваякоў, а хтосьці — у Вайганы, у першы ў Беларусі прыватны дом састарэлых. Для кагосьці гэта проста месца, дзе ёсць каму цябе даглядаць, для кагосьці — месца, дзе ёсць з кім пагаварыць, а для кагосьці — апошні шанец на нармальнае жыццё.

Вайганаўскі дом-інтэрнат «Сямейны прычал» працуе са жніўня 2013 года. Знаходзіцца ён у будынку былой вясковай школы, трошкі наводшыбе. Побач — лес, палі. Цішыня.

«Прычал» разлічаны на 45 чалавек, але сёння там жывуць толькі 26. З іх 5 калясачнікаў, але хапае і тых, хто ўжо ў сілу ўзросту рухаецца з цяжкасцю ці ўвогуле ляжыць. Палова з жыхароў — 12 чалавек — «сацыяльныя», то бок людзі, якіх няма каму даглядаць.

Пражыванне тут каштуе 6 мільёнаў. Часцей за ўсё дзеці атрымліваюць бацькоўскую пенсію і дакладаюць свае грошы. «Сацыяльныя» аддаюць 90% пенсіі, рэшту атрымліваюць на рукі.

«Пакуль мы шмат людзей не бяром — ім і самім трэба адаптавацца, і санітаркам да новых жыхароў трэба прывыкнуць. Калі мы толькі адкрыліся, то завезлі пяцярых — і амаль паўтара месяца нікога больш не бралі. Прывыкалі адзін да аднаго і да працы. Дый працаваць санітаркай не кожны зможа: праца цяжкая і, шчыра кажучы, брудная. Шмат іх ужо памянялі», — распавядае Алена Валянцінаўна Дубовік, дырэктарка дома-інтэрната.

Сама Алена Валянцінаўна (на фота зверху справа) родам з Вайганаў, тут вырасла, нават наведвала тую самую школу, якую ў будучыні ператворыць у прытулак для старых.

Ідэя адкрыць дом-інтэрнат нарадзілася ў Дубовік пасля працы старшынёй Чырвонага Крыжа ў Маладзечне. Там яна наглядзелася на самотных людзей. Тым больш у яе самой маці хварэе на анкалогію, Алена Валянцінаўна даглядае за ёй два гады. Карацей, досвед у яе ёсць.

Быў і вопыт кіраўніцтва — пасля разводу з першым мужам Дубовік вымушана была зарабляць грошы сама і адкрыла ўласную СТА.

Таму калі яна даведалася, што ў яе родных Вайганах зачыняецца школа, то зразумела — калі адкрываць той дом-інтэрнат, то тут і зараз.

«Калі адкрываліся, само сабой, прайшлі ўсе праверкі. Санстанцыя, пажарнікі, экалогія, нават трэ’ было ўзгадніць меню. Было няпроста. Але палкі ў колы ніхто не ўстаўляў, — кажа Алена Валянцінаўна.— Тыя ж правяраючыя самі падказвалі, што і як лепш выправіць, каб не было праблем у будучыні».

Дубовік узяла будынак у арэнду — плануе яго потым выкупіць. Зрабіла рамонт, набыла патрэбную мэблю і абсталяванне, падабрала персанал. Адкрылася. І высветлілася, што без «кліентаў» яна не застанецца, бо, як кажа сама Дубовік, людзі баяцца ісці ў дзяржаўныя ўстановы — лічаць, што прыватныя лепш кантралююцца.

Хаця, прызнаецца сама дырэктарка, часта дзяржустановы маюць і большае фінансаванне, і лепшае медыцынскае абсталяванне. Дарэчы, і сама яна, і яе «пастаяльцы» называюць гэтае месца пансіянатам. «Інтэрнат» ці «дом састарэлых» гучыць надта казённа.

Сам па сабе пансіянат невялікі. У двухпавярховым будынку 9 спальняў, у асноўным на чатыры асобы, але жывуць у іх і па двое, і па трое.

Пакоі прасторныя, па трыццаць метраў, акуратныя, але без празмернасцяў. Чатыры ложкі, некалькі тумбаў, тэлевізар на стале — і ўсё, ну хіба яшчэ кветкі на падаконніках.

Некаторыя аздабляюць сцены над ложкамі фотаздымкамі ці проста прыгожымі малюнкамі. У адной з жанчын ля ложка стаіць вялікі чорна-белы здымак. На ім — прыгожая маладая дзяўчына. Але гэта не дачка ці ўнучка, а сама яна ў маладосці.

Былая прыгажуня і паспяховая дырэктарка буйнога прадпрыемства, цяпер яна ляжыць на тыповым ложку тварам да сцяны.

Да таго ж, у кожным пакоі на сцяне ікона. Іх тут увогуле шмат — вісяць і ў калідорах, і нават проста ля некаторых дзвярэй на вуліцу. А ў пакоі для адпачынку зроблена нешта накшталт невялікай каплічкі — на адной са сцен вісяць іконы і праваслаўныя, і каталіцкія на стале стаіць распяцце.

Сюды прыходзяць пабыць сам-насам з Богам ці з сабой. Старыя людзі заўсёды рэлігійныя. Кожны тыдзень пансіянат наведваюць святары: то праваслаўны, то каталіцкі.

Асабліва ганарыцца Дубовік «пакоем для рэлаксацыі» — гэта вялікі пакой у старым вясковым будынку побач са школай. Старая мэбля, ложкі, вялікая драўляная шафа. У куце стаіць калаўрот, на канапе ляжыць даматканае льняное радно. Ёсць нават старыя прасы, які калісьці працавалі на вуголлі.

Абстаноўка нагадвае музей, кажа Дубовік, людзям падабаецца. Летам старыя нярэдка збіраюцца тут.

Як і амаль усё астатняе, пакой абсталявалі ўласнымі сіламі. Тут увогуле прывыклі жыць самастойна.

Доктарка нават сама варыць мазь супраць пролежняў. Кажуць, што гэтая мазь дапамагае лепш за дарагія замежныя.

Супрацоўнікі самі вырошчваюць на былым школьным падворку гародніну: бульбу, моркву, буракі — шмат усяго, самі нарыхтоўваюць дровы. У мінулым годзе разбілі яблыневы сад.

Усе жыхары пансіяната сваім новым домам задаволеныя.

Асабліва тыя, каму ісці больш не было куды. «Сацыяльныя» ўвогуле кажуць: «Мы тут жывём як у раі». Сапраўды, ранейшае жыццё некаторых з іх больш нагадвала пекла.

«Валерыя Валянцінавіча мы забралі нядаўна, з тыдзень таму. Хоць я і казала, што больш не буду прымаць «сацыяльных», але тут ужо не вытрывала, — кажа Алена Дубовік. — Пра яго знаёмыя папрасілі. Ён жыў на хутары з братам. Брат памёр, Валерый застаўся адзін. А ў яго ногі не дзейнічаюць. Я калі заехала, убачыла, як ён па хаце поўзае, есці амаль няма чаго…».

Пра стан 65-гадовага інваліда нават сацслужбы не ведалі.

Сам Валерый Валянцінавіч толькі пасміхаецца і паціскае плячыма: «Мы да іх і не звярталіся ніколі. Пакуль брат быў — дапамагалі адзін аднаму». Цяпер ён сядзіць у інвалідным вазку перад тэлевізарам. Да праблем з нагамі дадаецца яшчэ адна: на яго левай руцэ застаўся толькі адзін палец.

Хваліцца: «Я тут упершыню ў жыцці пакаштаваў бутэрброд з ікрой».

Але тым, хто жыў багацей, канечне, хату замяніць цяжка. «Першы час няпроста было прывыкнуць. Цяпер нармальна.

Але часам узгадаеш — і дамоў цягне. Дом ёсць дом», — кажа 85-гадовая Лідзія Іванаўна.

Яна тут па ўласным жаданні — паўтара года таму дачка з мужам з’ехалі ў Германію. Старая ж ехаць з імі адмовілася.

«Мне лепш у родным краі. Дый што там рабіць? Старому нічога асабліва не цікава. Пражыў дзень — і дзякуй богу, — кажа яна. — З аднаго боку, крыўдна, канечне, што я тут. Дома лепш. А з іншага — добра, што ёсць такое месца. Бо куды б я падзелася?»

На жаль, з самым малодшым жыхаром пансіяната, 36-гадовым Кірылам, пагутарыць не ўдалося.

Ён засаромеўся таго, што жыве са старымі, і збег ад журналістаў у качагарку. Хаця саромецца няма чаго — ён тут таксама не ад салодкага жыцця.

«У яго ДЦП, 3-я група інваліднасці, — распавяла Дубовік. — Вырас у дзіцячым доме, жылля няма. Пенсія меншая за мільён. Працы няма — у дзяржустановы, дзе працуюць інваліды, бяруць толькі з 2-й групай. Таму ўзялі яго пакуль мы».

Ёсць у пансіянаце і свае легенды.

Адна з бабуляў — Марыя Іванаўна — была вучаніцай блажэннай Валянціны Мінскай. У пансіянаце лічаць, што яна мае пэўныя звышздольнасці, сама Дубовік называе яе «празарлівай». Да старой звяртаюцца нават вясковыя жыхары, часам яе просяць памаліцца за кагосьці ці прынесці да яе дзіця, каб яна прачытала над ім малітву. У яе здольнасці верыць нават доктарка, адукаваная былая камуністка — кажа, бабуля падобная да Вангі.

Увогуле, «Сямейны прычал» нагадвае звычайны інтэрнат, толькі надзвычай ціхі, чысты, і замест студэнтаў — старыя.

Але, калі ўваходзіш у будынак з вуліцы, у нос адразу б’е тонкі, амаль непрыкметны, пах — так пахне старасць.

З гэтага раю яго жыхарам шлях толькі адзін — у рай сапраўдны. І дай божа ім не спяшацца.

«Прывыкаеш да кожнага з іх, — кажа Аркадзь, памочнік дырэктаркі. — Яны ж як дзеці — у кожнага свой лёс, свой характар».

На вачах у дарослага моцнага мужчыны нечакана з’яўляюцца слёзы. Але гэта ад ветру, канечне. Канечне, ад яго.

* * *

У краіне працуе 79 дамоў для састарэлых і інвалідаў, у тым ліку: псіханеўралагічных — 46, агульнага тыпу — 23. Усяго ў дамах-інтэрнатах агульнага тыпу на канец 2013 года пражывала 4470 чалавек, з іх на платнай аснове — 430 пастаяльцаў, ва ўстановах псіханеўралагічнага профілю жыло 11 770 чалавек.

Улад Швядовіч, фоты Сяргея Гудзіліна