У Расіі сярэдні заробак за год абрынуўся з $1000 да $540 

28.01.2015 / 18:21

Федэральная служба дзяржаўнай статыстыкі Расіі апублікавала дадзеныя аб сярэднім заробку ў краіне ў снежні 2014 года.

Паводле падлікаў, ён склаў 41985 рублёў «бруднымі». За вылікам падаходнага падатку — 36 527 рублёў. Па тагачасным сярэднім курсе даляра гэта крыху менш за $655.

Роўна год таму лічба перавышала $1000 «чыстымі».

Аднак у параўнанні са снежнем сітуацыя ў Расіі істотна змянілася.

Па-першае, курс даляра вырас яшчэ на чвэрць, «з'еўшы» частку заробку. Пры цяперашнім курсе сярэдні расеец можа купіць усяго $537.

Па-другое, снежаньскія заробкі ў Расіі заўсёды звышвысокія. Прэміі і іншыя «трынаццатыя зарплаты» традыцыйна задзіраюць даходы на траціну. Пасля чаго ў студзені адбываецца вяртанне заробкаў на лістападаўскі ўзровень.

Па-трэцяе, палову студзеня Расія не працавала праз доўгія канікулы.

Усе гэтыя фактары разам прывядуць да таго, што сярэдні заробак «чыстымі» ў студзені 2015 складзе каля $420.

Ягор Марціновіч