На кацянят-бомбачак ахвяравалі 9 млн даляраў

На сэрвісе калектыўнага фінансавання праект Exploding Kittens сабраў $8,782 млн за месяц.

24.02.2015 / 11:19

Кампанія па зборы сродкаў на картачную гульню пра мілых кацянят, што выбухаюць без належнага дагляду, сабрала ледзь не ў тысячу раз больш, чым было запрошана на яе стварэнне.

Праект Exploding Kittens падтрымалі амаль 220 тысяч чалавек.

Збор сродкаў стартаваў інтэнсіўна — запатрабаваныя 10 тысяч даляраў былі сабраныя за 20 хвілін, а за першы дзень гульня сабрала больш за мільён.

За ахвяраванне ў 20 даляраў можна было атрымаць саму гульню, а за 35 даляраў — пашыраную калоду з картамі, што былі «занадта жудаснымі» для ўключэння ў асноўную калоду.

Даставіць ахвяравальнікам іх калоды стваральнікі Exploding Kittens абяцаюць летам 2015 года.

Праект створаны трыма амерыканцамі. Два з якіх працуюць над гульнёвай кансоллю Microsoft Xbox, адзін з тых двух — таксама ў выдавецтве коміксаў Marvel. Трэці ўдзельнік — Мэт’ю Інмэн, стваральнік коміксаў The Oatmeal.

Праект стаў трэцім па прыбытковасці на сэрвісе калектыўнага фінансавання (краўдфандынгу) Kickstarter. Больш за яго набралі разумны гадзіннік Peeble (10,27 млн даляраў) і партатыўны халадзільнік Coolest Cooler (13,28 млн даляраў). «Кацяняты» пасунулі на чацвёртае месца гульнёвую кансоль Ouya (8,6 млн даляраў).

Аляксандр Арсёнаў