«Белтэлекам» павысіць тарыфы на павольны інтэрнэт

Тарыфы з хуткасцямі ніжэй за 3 Мбіт/с стануць даражэйшымі з 12 сакавіка

02.03.2015 / 14:20

Нацыянальны аператар «Белтэлекам» паведаміў аб зменах тарыфных планаў byfly. Тарыфы з нізкімі хуткасцямі наблізяцца па цэнах да высокахуткасных.

Тарыф «Дамасед» (1 Мбіт/с) з 84450 рублёў на месяц падаражае да 97200, «Дамасед Класік» (2 Мбіт/с) — з 89850 да 105000, «Надзейны дамасед» і «Дамасед Юніор» — з 108 тысяч да 120.

Таксама падаражэюць пакеты паслуг «Оптымум плюс» і «Універсал».

Як сцвярджае «Белтэлекам», для далейшай актывізацыі росту хуткасцей кампанія праводзіць палітыку стрымлівання коштаў на тарыфныя планы лінейкі «Рэкорд», а таксама на тарыфныя планы лінейкі «Дамасед» з хуткасцю 3 і больш Мбіт/с.

Кампанія заклікае пераходзіць на больш хуткасныя тарыфы — цяпер розніца між анлімам на 1 Мбіт/с і 3 Мбіт/с — 19 тысяч. Змяніць тарыф можна ў асабістым кабінеце на сайце byfly.

Аляксандр Арсёнаў