У Магілёве з’явіўся першы ў Беларусі бясплатны публічны Wi-FI
Злавіць «Free Wifi-Mogilev» можна на плошчы Славы, у парку Горкага, гістарычным і краязнаўчым музеях.
11.03.2015 / 19:13
Фота: mycity.by
Першы этап праекту «Free Wifi-Mogilev» быў запушчаны 10 сакавіка. Зараз публічны бясплатны Wi-Fi працуе ў тэставым рэжыме, паведамляе mycity.by.
Бясплатна карыстацца сеткай можна цягам гадзіны, спампаваць можна не больш за 300 Мб.
Згодна з «Указам 60», адкрытыя публічныя Wi-Fi-сеткі ў Беларусі забароненыя. Правайдары мусяць мець інфармацыю аб карыстальніку, яго пашпартныя звесткі. Атрымаць іх можна ад сотавага аператара. Карыстальнікам «Free Wifi-Mogilev» для рэгістрацыі ў сетцы трэба пакінуць свой нумар тэлефону і атрымаць на яго SMS з кодам доступу.
Першы публічны пункт доступу ў Магілёве дзейнічае ў раёне плошчы Славы, у парку Горкага, гістарычным і краязнаўчым музеях. У бліжэйшы час плануецца запуск яшчэ двух пунктаў: на плошчы Зорак і ў скверы 40-годдзя Перамогі. Наступныя месцы будуць вызначаныя праз галасаванне на сайце Цэнтру гарадскіх ініцыятыў.
Зараз арганізатары бясплатнага Wi-Fi шукаюць камерцыйнага спонсара і просяць паведамляць аб няспраўнасцях тэставага пункту на адрас cgimogilev@gmail.com.