У Светлагорску знайшлі павешаным 15-гадовага падлетка

13 сакавіка прыкладна каля 7-й раніцы прахожыя знайшлі цела 15-гадовага падлетка, павешанага на турніку ў лесапаркавай паласе ў Светлагорску.

14.03.2015 / 19:40

Як паведаміла БелаПАН адна з мясцовых жыхарак, загінулы — вучань 9 класа, быў «цалкам станоўчым», вучыўся на «выдатна» па інфарматыцы і іншых дакладных прадметах, збіраўся стаць праграмістам. Дзяўчыны ў падлетка не было, але было шмат сяброў.

Па сцвярджэнні мясцовай жыхаркі, і ў сям'і, і ў школе ў хлопца ўсё было добра.

Напярэдадні трагедыі хлопчык збіраўся ўвечары гуляць з сябрамі, але не прыйшоў на сустрэчу, а на тэлефанаванні прыяцеляў не адказваў. Маці працавала ў начную змену. Бацька быў на заробках у РФ. Акрамя хлопчыка, у сям'і ёсць старэйшы брат.

Пазней высветлілася, што ў той вечар падлетак цалкам пачысціў сваю старонку «Укантакце» — выдаліў усе запісы і перапіску.

Аднакласнікі шакаваныя трагедыяй і нават няма думкі, што магло стаць прычынай верагоднага самагубства хлопца.

У мабільным тэлефоне падлетка знайшлі электронную запіску пра тое, што ў яго смерці ніхто не вінаваты, і ён сам усё вырашыў.

Пахаванне адбудзецца 16 сакавіка.

Прычыны і абставіны гібелі школьніка высвятляюць праваахоўныя органы.