Дождь: Пуцін захварэў на грып

15.03.2015 / 14:29

Некалькі запланаваных на гэты тыдзень публічных мерапрыемстваў і сустрэч з удзелам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна былі адмененыя з-за стану здароўя кіраўніка дзяржавы. Паводле звестак Дождя, Пуцін захварэў на грып. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў гэтую інфармацыю каментаваць адмовіўся.

Крыніцы Дождя паведамілі, што прэзідэнт Расіі адсутнічаў у Маскве апошнія некалькі дзён. Пуцін нібыта знаходзіцца ў сваёй афіцыйнай рэзідэнцыі на возеры Валдай у Наўгародскай вобласці.

Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў не стаў каментаваць інфармацыю пра месцазнаходжанне прэзідэнта, спаслаўшыся на тое, што такой практыкі няма. На просьбу пракаментаваць інфармацыю пра тое, што кіраўнік дзяржавы быў хворы на грып, Пяскоў адказаў: «Не каментуем, тэма закрытая».

На панядзелак, 16 сакавіка, запланавана сустрэча Пуціна з прэзідэнтам Кіргізіі Алмазбекам Атамбаевым у Санкт-Пецярбургу, паведаміла 13 сакавіка прэс-служба Крамля. Верагодней за ўсё, прэзідэнт адправіцца ў Пецярбург з рэзідэнцыі на Валдаі.

Уладзімір Пуцін больш за тыдзень не з'яўляецца на публіцы. На гэтым фоне сталі з'яўляцца чуткі пра яго праблемы са здароўем. Крэмль іх аспрэчваў. Раней Пяскоў, адказваючы на пытанне аб працоўным графіку прэзідэнта і яго сустрэчах з падначаленымі, растлумачыў, што яны «ідуць пастаянна, але не ўсе сустрэчы публічныя».