У Гродне хуліганы стралялі па прыпаркаваным BMW

23.03.2015 / 18:01

Інцыдэнт адбыўся ў ноч з 20 на 21 сакавіка. Уладальнік адразу звярнуўся ў міліцыю, але супрацоўнікі, якія прыбылі на месца здарэння, сказалі, што выпадкі падобнага хуліганства — не рэдкасць.

AutoGrodno.by

Раніцай 21 сакавіка мужчына ўбачыў, што задняе шкло яго аўто ў дробных расколінах, а капот, крылы, дах і ветравое шкло аблітыя нейкай тэхнічнай вадкасцю. Уладальнік адразу звярнуўся ў міліцыю.

Міліцыянты выявілі, што ў задняе шкло BMW стрэлілі з пнеўматыкі, а знайсці хуліганаў без запісаў відэакамер і паказанняў сведак практычна нерэальна.

«Машына часткова стаяла на газоне, але ў нас увесь двор так паркуецца ўжо шмат гадоў. Не думаю, што спосаб паркоўкі стаў прычынай. Побач з машынай знайшлі пустую бутэльку ад піва. Наогул, вадкасць з машыны атрымалася сяк-так адмыць, але кузаў цяпер мае патрэбу ў паліроўцы. Калі ёсць відавочцы гэтага хуліганства, прашу паведаміць», — распавёў уладальнік BMW Віталь.