Новыя амерыканскія начныя прыцэлы дазваляюць бачыць дыханне

30.03.2015 / 22:23

Жаўнеры падчас начных вучэнняў разышліся ў розныя бакі, зайшлі ў фланг «праціўніку», які іх не бачыў, і хутка знішчылі яго. Бой не быў сумленным.

Жаўнер з новым тыпам прыцэла начнога бачання, фота gannett-cdn.com

Дый ён і не мусіў быць сумленным, піша armytimes.com пра апошнія выпрабаванні новага рыштунку ў цэнтры падрыхтоўкі амерыканскіх сухапутных сіл у Форт-Бэнінг.

Ваякі з абодвух бакоў мелі прылады начнога бачання. Аднак «добрыя хлопцы» мелі больш прасунутую версію, якая выкарыстоўвала не толькі стандартныя спосабы павелічэння спектра і інтэнсіўнасці, але дадавала да традыцыйнага зялёнага поля ў прыладзе тэрмальны малюнак.

Ярка-жоўтым колерам на зялёным фоне здалёк было добра бачна дыханне кожнага «ворага».

Плануецца, што ў будучым гэтая тэхналогія будзе стандартнай часткай рыштунку кожнага жаўнера.

У межах праграмы па выпрабаванні новых тэхналогій жаўнеры падчас іншых тактычных гульняў выкарыстоўваюць і ацэньваюць, напрыклад, новыя спосабы камуфляжу, выведныя беспілотнікі памерам з плітку шакаладу, сродкі сувязі ці гранатамёты.

 Аляксандр Гелагаеў