Disney працягне ператвараць мультфільмы ў фільмы: цяпер «Віні-Пух»

Дарослы Крыстафер Робін вернецца ў чароўны лес.

03.04.2015 / 12:13

Віні-Пух і сябры ў мультсерыяле канца 80-х

Да шэрагу ігравых перазапускаў Disney дадаўся «Віні-Пух», паведамляе Deadline.

Рэжысёрам і сцэнарыстам фільма стане Алекс Рос Пэры, вядомы па драме «Паслухай, Філіп» і трылеры «Каралева Зямлі».

Прадзюсарам фільма стане Брыгэм Тэйлар.

Падрабязнасці сюжэту і дата пачатку здымак пакуль невядомыя. Адно, што вядома — фільм распавядзе пра дарослага Крыстафера Робіна, які вернецца ў чароўны лес, каб наведаць сяброў дзяцінства — Віні-Пуха і кампанію.

Арыгінальны амерыканскі Віні-Пух з’явіўся на экранах у 1966 годзе. З 1997 года выходзіў серыял па матывах мультфільма. З 1988 па 1991 год выходзіў серыял «Новыя прыгоды Віні-Пуха», добра вядомы ў СНД. Апошняя на сёння экранізацыя казкі Алана Мілна выйшла ў 2011 годзе, але сабрала ў пракаце толькі 33 млн даляраў. Савецкія мультфільмы пра Віні-Пуха выходзілі ў 1969, 1971 і 1972 гадах.

***

Студыя Disney пасля ўдалага ігравога фільма «Папялушка» здыме шэраг перазапускаў класічных мультфільмаў: «Красуні і пачвары», «Дамба» (ім зоймецца Цім Бёртан), «Кнігі джунгляў», «Бэмбі» і «Мулан». У інтрэнэце набірае папулярнасць жартаўлівы трэйлер па матывах перазапускаў дыснэеўскай класікі, дзе ролю аляняткі Бэмбі выконвае Дуэйн Джонсан.

Аляксандр Арсёнаў