Інтэрнэт-знаёмства ў Мінску скончылася забойствам
06.04.2015 / 18:23
У Мінску па падазрэнні ў забойстве затрыманы 37-гадовы мужчына.
Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, у Фрунзенскае РУУС сталіцы звярнулася дзяўчына. Яна расказала, што знайшла ў кватэры па вуліцы Сухараўскай, дзе здымала пакой, труп гаспадыні.
На месцы здарэння супрацоўнікі міліцыі знайшлі на кухні труп 53-гадовай жанчыны з пашкоджаннямі галавы — адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай. У выніку апытання кватаранткі было ўстаноўлена, што з кватэры выкрадзены два ноўтбукі, залатыя ювелірныя ўпрыгажэнні, 200 еўра і 200 долараў.
У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў высветлілася, што напярэдадні здарэння пацярпелая пазнаёмілася на адным з расійскіх сайтаў з маладым чалавекам, якога запрасіла ў госці. Знаёмы назваўся чужым імем. Аднак пры судзеянні калег з Расіі на працягу сутак яго асоба была ўстаноўлена. Пазней было ўстаноўлена і яго месцазнаходжанне.
Падазроны ва ўчыненні забойства мінчук быў затрыманы ў кватэры сужыцелькі. Тут жа былі знойдзены і выкрадзеныя рэчы.
Затрыманы нідзе не працуе, раней судзімы за рабаванне, разбой, асабліва злоснае хуліганства.
Распачата справа па п. 12 ч. 2 арт. 139 КК (забойства з карыслівых меркаванняў).