Як кралі ў Белкаапсаюзе

У Мінску ідзе гучны працэс па справе саюза спажывецкіх кааператываў.

16.04.2015 / 22:41

Абвінавачаныя Андрэй Турчанка (злева) і Сяргей Сідзько. Фота Сяргея Гудзіліна

Судзяць адразу шасцярых: ужо былых кіраўнікоў Белкаапсаюза і бізнэсоўцаў. Адны, як даводзіць пракурор, бралі хабар, другія яго перадавалі. У справе фігуруюць сотні тысяч даляраў.

Судзяць былых кіраўніка Белкаапсаюза Сяргея Сідзько, начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Белкаапсаюза Дзмітрыя Калодзезнага і яго намесніцу Элеанору Сізук, намесніка дырэктара фірмы «Адонісбудсэрвіс» Уладзіміра Ленскага, дырэктара фірмы «Саната­Буд» Аляксандра Дранькова, грамадзяніна Украіны Андрэя Турчанку. Сідзько і Турчанка — за кратамі, астатнія прыходзяць на суд з дому.

Аматар віскі ў рангу міністра

Белкаапсаюз — дзяржаўная арганізацыя, якая валодае вялізнай маёмасцю па ўсёй краіне. Гэта сетка крамаў і кавярняў, будаўнічыя і транспартныя арганізацыі і яшчэ шмат іншага. Вялікая бізнэс­-імперыя, у якой занята больш за 80 тысяч чалавек. А кіраўнік гэтай «імперыі» прыраўняны па статусе да міністра.

Сяргея Сідзько абвінавацілі ў тым, што ў змове з Дзмітрыем Калодзезным лабіраваў інтарэсы прыватных фірм пры заключэнні дамоў на будаўніцтва і рамонт белакаапсаюзаўскіх аб’ектаў. За гэта абодва атрымлівалі грошы ад удзячных бізнэсоўцаў.

З 2010 па 2013 Сідзько паспрыяў заключэнню кантрактаў на будаўніцтва крам у Лідзе, Любані, Жлобіне, на будаўніцтва халадзільнага склада ў Мінску, на рамонт у вучэбных карпусах Полацкага гандлёва-­тэхналагічнага каледжа. Гэта толькі частка эпізодаў. І каля двух дзясяткаў сустрэч, падчас якіх перадаваліся грошы — у суме больш за $100 тысяч. Калодзезнаму перадавалі значна меншыя сумы.

Грошы перадаваліся пры пасярэдніцтве Ленскага. А разам з грашыма Ленскі «ад сябе» перадаваў Сідзько віскі: па адной, дзве, тры бутэлькі. Агулам не менш за 17.

Муляж паўмільёна даляраў

Паводле абвінавачвання, у 2011 Калодзезны ўступіў у змову з Андрэем Турчанкам. Прапанаваў украінцу знайсці пакупнікоў на аб’екты Белкаапсаюза: адміністратыўны будынак на вуліцы Татарскай, дзіцячы садок на Партызанскім праспекце ў Мінску і дзіцячы лагер у Мінскім раёне. Але была ўмова: пакупнік мусіў частку грошай аплаціць праз банк, а рэшту аддаць гатоўкай.

Турчанка сам даць рады ў такой справе не змог і звярнуўся да супрацоўніцы агенцтва па нерухомасці Браздзецкай: паабяцаў узнагароду за пошук кліента. Яна і адшукала — кампанію «БелЛПЗ». За будынак на Татарскай пакупнік мусіў $1,1 мільёна пералічыць на рахунак Белкаапсаюза, а $500 тысяч перадаць на рукі для хабару. Турчанка тады узяў $5000 задатку, а рэшту пакупнікі паклалі у банкаўскую ячэйку — нібыта для гарантыі. Як вынікае, бізнэсоўцы звярнуліся ў КДБ. І калі клалі грошы ў банк, гэта быў муляж — несапраўдныя даляры. А пасля, у ліпені 2013, прайшлі арышты.

За гэты будынак патрабавалі $500 тысяч.

Абвінавачаныя Андрэй Турчанка (злева) і Сяргей Сідзько.

Браздзецкую, між іншым, таксама будуць судзіць. Спачатку яе справу збіраліся разглядаць асобна, але суддзя вырашыў далучыць да гэтай. З наступнага пасяджэння лава абвінавачаных папоўніцца.

Кансультавала за грошы

Ролі астатніх абвінавачаных у гучнай справе не такія прыкметныя. Аляксандр Дранькоў, на той час дырэктар будфірмы, перадаваў грошы праз Ленскага для кіраўнікоў Белкаапсаюза. За гэта спадзяваўся атрымаць патрэбныя замовы.

Зусім сціплым выглядае абвінавачанне Элеаноры Сізук. Жанчына кансультавала бізнэсоўцаў. Усё адбывалася ў межах яе паўнамоцтваў, але за гэта атрымлівала грошы — агулам $1200. «Незаконнае ўзнагароджанне», — як кваліфікуе пракурор. І толькі адзін эпізод тычыцца непасрэдна хабару ў $1500: праспрыяла хабарадаўцу ў вырашэнні яго пытання.

«Раскайваюся»

«Абвінавачанне зразумелае. Не прызнаю цалкам ні па адным з эпізодаў», — заявіў Сяргей Сідзько. У тон яму вымавіў і Дранькоў: «Абвінавачанне не прызнаю ў поўным аб’ёме».

Калодзезны прызнаў, што грошы браў, але нікому не спрыяў. Ленскі і Сізук адпірацца не сталі.

Падрабязную пазіцыю кожнага з абвінавачаных можна будзе пачуць толькі падчас іх допытаў у працэсе.

***

Бацька немаўляці

Дзмітрый Калодзезны нарадзіўся ў 1976. Жанаты. Гадуе сыноў: аднаму 7 гадоў, другому паўгода. Цяпер працуе майстрам у будаўнічай кампаніі.

Вінавацяць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (да 6 гадоў калоніі); атрыманні хабару (да 10 гадоў калоніі з канфіскацыяй); падбухторванні да дачы хабару (да 7 гадоў калоніі).

Уладкавалася ў сенатара

Элеанора Сізук нарадзілася ў 1969 у Ташкенце. Грамадзянка Беларусі. Мае вышэйшую адукацыю. Замужам. Мае двух сыноў. Цяпер працуе ў «Амкадор­Белвар», які належыць сенатару Шакуціну.

Вінавацяць у атрыманні хабару (да 7 гадоў калоніі з канфіскацыяй); атрыманні незаконнага ўзнагароджвання (да 5 гадоў калоніі).

Купіў дом на Канарах?

Сяргей Сідзько нарадзіўся ў 1956 у Брэсце. Працаваў на Брэсцкім заводзе бытавой хіміі, быў старшынёй праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза. У 2009 прызначаны кіраўніком Белкаапсаюза. Жанаты. Мае сына і дачку.

«Дайшло да таго, што Сідзько купіў і аформіў на дачку дом на Канарскіх астравах. Напэўна, у спадзяванні, што праваахоўныя органы там яго не дастануць. За продаж будынка ў цэнтры Мінска патрабаваў хабар аж у паўмільёна даляраў», — заявіў летась Лукашэнка пра гэтую справу. Праўда, на судзе дом на Канарах пакуль не ўсплыў.

Адвакат хадайнічаў, каб Сідзько змянілі меру стрымання альбо вызвалілі пад заклад. У якасці закладу жонка прапанавала сваю трохпакаёўку (67 м2) у Брэсце. Але суддзя адмовіў.

Сідзько вінавацяць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (пагражае да 10 гадоў зняволення) і атрыманні хабару (да 15 гадоў з канфіскацыяй).

{POLL#379}

Сяргей Макарэвіч