Беларус Сілівончык, якога асудзілі за антырасійскія запісы, працаваў на расійскім вайсковым заводзе

Працуючы ў Ніжнім Ноўгарадзе пад пільным вокам ФСБ, наш грамадзянін посціў праўкраінскія допісы і ілюстрацыі.

23.04.2015 / 12:08

22-гадовы ўраджэнец Светлагоршчыны Кірыл Сілівончык працаваў на «170-м рамонтным заводзе сродкаў забеспячэння палётаў». Установа функцыянуе пры кампаніі «Авіярамонт». У яе раду дырэктараў уваходзяць пераважна функцыянеры расійскага Міністэрства абароны. Дый працуе завод амаль выключна на патрэбы арміі.

Ва ўмовах татальнай антыўкраінскай прапаганды погляды Сілівончыка не маглі не прыцягнуць увагу з боку яго калег. Тым больш, што старонка беларуса ў сацсетках была адкрытай.

Нагадаем, што ў пачатку красавіка беларус Кірыл Сілівончык быў асуджаны Маскоўскім акруговым вайсковым судом. Яму далі два гады калоніі-пасялення за пост у сацыяльных сетках, які трактавалі як «заклік да тэрарыстычнай дзейнасці». У судзе Еўрарадыё пацвердзілі, што прэтэнзію расійскія следчыя высунулі да словаў «Забівай маскалёў! Зладзім рускім наймітам пекла на іх зямлі — узарвем іх дамы, заб’ем іх сем’і!»