Аўстралійскія яўрэі збіраюць грошы на помнік беларускім ахвярам Халакосту

22.06.2015 / 14:34

У аўтстралійскім Мельбурне з'явіцца помнік ахвярам Халакосту з Беларусі, паведамляе выданне Australian Jewish News.

Руслан Коган. Фота AMWicked. 

Збор сродкаў праз краўдфандынгавую платформу Gofundme арганізаваў бізнесовец Руслан Коган, які ў 1989 разам з сям'ёю пераехаў у Аўстралію і заснаваў уласны брэнд электронікі Kogan.

Спачатку Коган планаваў рэалізаваць праект помніка самастойна, але яго маці настойвала, каб у фінансаванні помніка паўдзельнічалі і іншыя прадстаўнікі беларускай яўрэйскай супольнасці Аўстраліі.

Таму Коган распачаў збор сродкаў на помнік сродкамі краўдфандынгу, дзе расказаў пра масавыя забойствы яўрэяў у Беларусі падчас Другой сусветнай вайны і заклікаў падтрымаць стварэнне помніка. Праекта мемарыяла пакуль няма, але магчыма, ён будзе створаны таксама скульптарам-эмігрантам з Беларусі.

На гэты момант сабрана 15 тысячаў даляраў з неабходных дваццаці. Руслан Коган заклікае неабыякавых беларусаў далучацца.

 

Яўген Крэйда