Мастак і музыка Андрусь Такінданг напісаў абразы для Лучайскага касцёла

Да 3 кастрычніка іх можна пабачыць у мінскім Цэнтры сучасных мастацтваў (Някрасава, 3).

24.09.2015 / 15:31

У Цэнтры адчынілася выстава Андруся Такінданга «Крыжовы шлях. Дошка, аловак, акрыл». Серыя з 14 абразоў Крыжовага шляху з’явілася як замова для касцёла ў Лучаі.

У сваіх абразах Андрусь Такінданг параўноўвае Крыжовы шлях Езуса Хрыста са штодзённым жыццём чалавека, яго клопатамі, праблемамі, цяжкасцямі, але і радасцю, з крыжовым шляхам кожнага чалавека.

Абразы Крыжовага шляху спалучаны з замалёўкамі з серыі «Магічная мапа», дзякуючы якім ствараецца ўражанне, што Хрыстус крочыць па вуліцах, мястэчках Беларусі і сустракаюць Яго беларускія мужчыны і жанчыны.

Сам Андрусь Такінданг пра сваю выставу кажа: «Пісаў Крыжовы шлях, быццам будаваў дом, касіў траву ці рабіў якую-кольвек простую працу. Літаральны, як батлейка, канкрэтны, як народны іканапіс, словам, – дошка, аловак, акрыл».

Андрусь Такінданг вядомы не толькі як мастак, але і як музыка гуртоў «Рэха» і «Гаротніца», а таксама тэлевядучы.

Наведаць выставу можна да 3 кастрычніка, калі яна завершыцца творчай сустрэчай з Такіндангам у Цэнтры сучасных мастацтваў (Мінск, вул. Някрасава, 3).