Інстаграм-мадэль выдалілася з сацсетак, якія зрабілі яе «няшчаснай» ФОТА

Перад тым як выдаліць профіль, Эсэна О'Ніл змяніла подпісы да здымкаў і распавяла, як на самой справе яны ствараліся.

09.11.2015 / 21:54

Тут і ніжэй фота: інстаграм Эсэны О'Ніл (выдалены)

18-гадовая аўстралійская мадэль і зорка Інстаграма Эсэна О'Ніл выдаліла свае акаўнты ў сацыяльных сетках, прызнаўшыся, што яны зрабілі яе няшчаснай, піша birdinflight.com са спасылкай на Time.

«Я сыходжу з Інстаграма, Youtube і Tumblr. Выдаленыя больш за дзве тысячы здымкаў, якія не служылі ніякай рэальнай мэце, акрамя самарэкламы. Большую частку свайго падлеткавага жыцця я правяла ў пагоні за сацыяльным статусам і адабрэннем. Сацыяльныя сеткі — гэта не рэальнае жыццё», — заявіла О'Ніл.

Перад тым як выдаліць свой профіль, дзяўчына, якая мела больш за паўмільёна падпісчыкаў, запісала відэазварот да прыхільнікаў і адрэдагавала подпісы да здымкаў ў Інстаграме, распавёўшы, як на самой справе яны ствараліся.

Цяпер О'Ніл запусціла сайт Let’s Be Game Changers, прысвечаны разбуральнай прыродзе спробаў атрымаць адабрэнне ў інтэрнэце.

«Зрабіла больш за сотню здымкаў у адной і той жа позе, каб выбраць ідэальны. Амаль нічога не ела ў той дзень. Накрычала на малодшую сястру, якая мяне фатаграфавала».

«Магутны пуш-ап творыць цуды з фігурай. Мне ўсяго 15, так што не верце сваім вачам».

«Няма ніякага дзэну ў спробе зняць дзэн-фота для сацсеткі».

«Тое, як я атрымалася на гэтым фота, было маёй адзінай радасцю ў той дзень, які жах. Чалавек — гэта не толькі падцягнутая фігура».

«На самой справе ў мяне пад касметыкай акне».

«Гэта быў сапраўды прыемны дзень, адпачынак з сям'ёй. Але прыйшлося рабіць цэлую кучу здымкаў дзеля аднаго ідэальнага. Хіба гэта і ёсць асалода ад жыцця?»

«Сфатаграфавалася, каб прарэкламаваць сваё 16-гадовае цела. Гэта і быў увесь мой стыль. Гэта так абмежавана і неверагодна небяспечна, вы і нават не ўяўляеце».

«Не купляла гэта сукенку. Мне заплацілі за яго рэкламу 400 даляраў. Няма нічога дрэннага ў прасоўванні тавараў, але людзі павінны ведаць аб гэтым».

«А тут мне заплацілі за рэкламу сродку для аўтазагару».

«На гэтым фота мне 16. 16! Я нават не выходзіла ў гэтым строі з дому, толькі сфатаграфавалася. Што за мода намагацца выглядаць старэйшай і больш сэксуальнай?»