У Гомельскім раёне пенсіянера загрызла зграя бадзяжных сабак

07.12.2015 / 16:19

Гомельскі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку па факце гібелі 64-гадовага жыхара вёскі Цагельня Гомельскага раёна. Яго цела было знойдзенае раніцай 3 снежня ў лесапаласе за населеным пунктам з ірванымі ранамі на шыі і ў вобласці перадплечча.

Паводле папярэдняй інфармацыі, смерць мужчыны наступіла ад вялікай страты крыві ў выніку пашкоджання буйных крывяносных сасудаў. 

Як паведаміў намеснік пракурора Гомельскага раёна Аляксандр Шынкароў, цяпер праводзіцца гісталагічнае даследаванне, па выніках якога будзе названая дакладная прычына смерці. Пенсіянер працаваў вартаўніком, і, як мяркуецца, пры вяртанні дамоў са змены на яго напала зграя бадзяжных сабак. 

Пракуратура ўжо выдала прадпісанні службам «Спецкамунтранса» і «Райжылкамгаса» зрабіць захады па адлове зграі сабак. Таксама ў мясцовую арганізацыю Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў накіраванае хадайніцтва аб прыняцці мер па адстрэле небяспечных жывёл.