ЗША прададуць Тайваню сучасную зброю, Кітай абураны

16.12.2015 / 21:21

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Абамы ўхваліла продаж вялікай партыі зброі Тайваню, нягледзячы на абурэнне Пекіна.

Тайвань закупляе зброю на 1,8 млрд даляраў. Сярод іншага, ЗША паставяць Тайваню два ракетныя фрэгаты, браніраваныя машыны, а таксама супрацьтанкавыя ракеты і ракеты «зямля-паветра».

Вашынгтон заяўляе, што продаж зброі накіраваны на ўмацаванне абараназдольнасці Тайваня, і гэта ніяк не мяняе пазіцыю ЗША па пытанні адзінства Кітая. Аднак Пекін выступае катэгарычна супраць продажу зброі або ваенных тэхналогій Тайваню, які ён лічыць сваёй правінцыяй, што адкалолася.

Паводле існуючых амерыканскіх законаў, Вашынгтон абавязаны прадаваць Тайваню зброю, неабходную для самаабароны. На востраў нацэлены сотні кітайскіх ракет. Пекін у мінулым пагражаў ужыць сілу, каб паставіць Тайвань пад свой кантроль.