18-гадовыя. Клаўдрэп: «мёртвыя Найкі» і «скрскрскр»

04.03.2016 / 10:54

У кожнай генерацыі ёсць тая музыка і тыя выканаўцы, якіх потым модныя музыкальныя крытыкі карануюць гучнымі тытуламі накшталт «голас пакалення». Калі на хвілінку паспрабаваць уявіць ці спрагназаваць будучыню, то праз гадоў дзесяць на гэту ролю з вялікай імавернасцю можа трапіць такі загадкавы для шырокага кола чытачоў тэрмін, як клаўдрэп.

Як можна здагадацца, клаўдрэп па сутнасці сваёй ёсць адгалінаваннем хіп-хоп музыкі. Як і большасць сённяшняй культуры 18-цігадовых, гэты жанр прыйшоў да нас з прастораў інтэрнэту і за вельмі кароткі час заваяваў цэлую армію фанатаў. Cloudrap літаральна азначае «воблачны рэп», назва тут абумоўленая гучаннем. Біт часта будуецца на вэб-гучанні, характарызуецца спакойнымі, павольнымі інструментальнымі партыямі, пры тым вельмі шырока выкарыстоўваюцца элементы эмбіенту, lo-fi, edm. Дадзеная стылістыка ўпершыню з’явілася ў Злучаных Штатах і вельмі добра упісалася ў tumbler-эстэтыку якая так папулярная сёння ў сеціве.

Адным з галоўных герояў клаўдрэпа ў ЗША з’ўляецца Bones (сапраўднае імя Элма Кэнэдзі О’Конар) — 20 гадовы амерыканскі белы хлопец з доўгімі цёмнымі валасамі, які ўсім сваім выглядам можа нагадваць пра якую заўгодна іншую субкультуру, толькі не пра хіп-хоп. Bones заваяваў новую генерацыю па ўсім свеце сваім зачаравальным гучаннем, у тэкстах часта гучаць тэмы смерці і забароненых рэчываў, што, безумоўна, прыцягвае да сябе ўвагу моладзі.

Кліпы здымаюцца ў вялікай колькасці ў эстэтыцы VHS, што з часам стала сапраўдным трэндам. Таксама варта адзначыць што распаўсюд творчасці ідзе выключна праз інтэрнэт: артыст настойліва адмаўляецца ад кантрактаў з буйнымі лэйбламі, яго нельга пабачыць па тэлебачанні ці пачуць на радыё. Гэтая рыса шмат у чым адносіцца да большасці з’яў моладзевага асяроддзя.

Пасля даволі яскравага поспеху Bones па ўсім свеце пачынаюць з’яўляцца людзі, якія імкнуцца пераймаць трэнд. Такія людзі праз некалькі гадоў знаходзяцца і ва ўсходняй суседцы нашай краіны. Адсюль выходзіць ледзь не адзін з самых папулярных герояў моладзі на ўсім абшары былога СССР, Pharaoh (Фараон). Першапачаткова Pharaoh няшчадна капіюе, і не лепшым чынам, Bones. Капіявалася ўсё: ад музыкі і кліпаў і да знешняга выгляду – што, у прынцыпе, не дзіўна, улічваючы другасны характар сучаснай расійскай культуры, але гэта размова для асобнага артыкула.

Сапраўдны поспех Pharaoh прынёс трэк і кліп «Blacksiemens». Кліп роўна за год свайго існавання набраў 7 мільёнаў праглядаў, а радкі з прыпеву пра «мёртвыя Найкі» і «скрскрскр» вам сёння зможа напець абсалютна любы падлетак, можаце самі пераканацца. Pharaoh пры ўсёй сваёй другаснасці збірае сёння вялікія пляцоўкі, і з’яўляецца рухавіком клаўдрэпа на прасторы СНД.

Што тычыцца Беларусі, то на дадзены момант жанр пакуль што ўласных выканаўцаў не мае. За падобную спробу можна залічыць хіба што трэк Вожыка «Абіраем Лукашэнку» зроблены на біт Bones, але назваць гэта спробай зрабіць клаўдрэп было б няправільна. 

Ці стане клаўдрэп культавым, а яго выканаўцы галасамі пакалення — пакажа час, але пакуль з упэўненасцю можна сказаць, што гэтая музыка — адзін з самых папулярных жанраў сярод сучасных 18-гадовых.

Антось Звычайны