МЗС РФ пракаментавала словы міністра абароны Польшчы пра датычнасць Расіі да Валынскай разні

13.07.2016 / 10:27

МЗС РФ чакае тлумачэнняў з нагоды выказванняў міністра абароны Польшчы Антонія Мацярэвіча адносна таго, што Расія збольшага нясе адказнасць за «злачынствы ўкраінскіх нацыяналістаў» на Валыні 1943—1944 гг.

Антоні Мацярэвіч

На словы польскага міністра адрэагавала афіцыйны прадстаўнік расійскага МЗС Марыя Захарава. На сваёй старонцы ў Facebook яна назвала выказванне Антонія Мацярэвіча «шавіністычным» і задала тры пытанні.

Марыя Захарава спачатку пацікавілася, ці з'яўляецца выказванне кіраўніка Мінабароны афіцыйнай пазіцыяй Варшавы, далей іранічна спытала,

«ці ёсць гістарычныя падзеі і прыродныя з'явы ў Польшчы, у якіх Расія не вінаватая»,

а ў канцы дадала, «ці няма асцярогі, што, маўкліва заахвочваючы падобныя шавіністычныя выказванні, польскае кіраўніцтва ад бытавой русафобіі непрыкметна скочваецца да распальвання нацыянальнай нянавісці».

***

Раней у эфіры тэлеканала TVP міністр абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч заявіў, што Расія збольшага нясе адказнасць за «злачынствы ўкраінскіх нацыяналістаў» на Валыні 1943-1944 гг.

«Сапраўдным ворагам, тым, хто выкарыстаў частку нацыяналістычных сіл украінцаў для таго страшнага злачынства, генацыду, з'яўляецца Расія. Там знаходзіцца крыніца гэтага страшнага няшчасця», - сказаў кіраўнік Мінабароны Польшчы.