У Бэрліне ўсталявалі помнік гомасэксуалістам

Помнік у выглядзе бэтоннага куба ўсталяваны насупраць мэмарыялу ахвярам Халакосту.

28.05.2008 / 09:53


У сталіцы Нямеччыны адкрылі помнік гомасэксуалістам, якія сталі ахвярамі нацысцкага рэжыму.

Помнік у выглядзе бэтоннага куба ўсталяваны насупраць мэмарыялу ахвярам Халакосту. 50 тысяч немцаў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі зазналі пры нацыстах перасьлед, у тым ліку прымусовую кастрацыю. Шмат хто зь іх загінуў у нацысцкіх канцлягерах.

У часе выступу на адкрыцьці манумэнту міністар культуры Нямеччыны Бэрнд Нойман сказаў:

«Мы хочам, каб гэты помнік быў заўсёдным напамінам пра непрымальнасьць у нашым грамадзтве праяў нецярпімасьці й варожасьці ў дачыненьні да гомасэксуалістаў і лесьбіянак».

Доўгі час гэтая група насельніцтва ня згадвалася ў ліку ахвяраў нацызму.

Паводле Радио Свобода / Радио Свободная Европа