Уладзімір Някляеў. Крапівенскае поле

08.09.2016 / 15:27

На Крапівенскім полі вятры.
Палыны. На далоні патры —
Загарчыць. Торгне сутаргай, болем.
Тут вякі праплылі, як віры па Дняпры,
За палкамі палкі
тут прайшлі ваяры,
Змагары, што накрытыя полем.

На Крапівенскім полі трава. Крапіва.
Тут крыві напілася Масква,
Татарва з крыжакамі ў хаўрусе…
Тут над імі
усімі
паўстала Літва —
І абрынулася ў Беларусі!

Дзе ж мы дзелі
літоўскую долю?
Веліч продкаў? Іх вольную волю,
Што яны аплацілі крывёй?

Як гарчыць палыном на Крапівенскім полі -
І пячэ крапівой!..