Надзвычайнае здарэнне ў аэрапорце Рыгі: самалёт саджалі без пярэдняга шасі

17.09.2016 / 15:04

Надзвычайнае здарэнне адбылося сёння ў сталіцы Латвіі з рэйсам BT 641 «Рыга — Цюрых»: самалёт саджалі практычна без пярэдняга шасі

Па словах прадстаўнікоў авіякампаніі airBaltic, пасля вылету з аэрапорта «Рыга» экіпаж самалёта Bombardier Q400 NextGen канстатаваў непаладкі з пярэднім шасі.

На падставе гэтай інфармацыі было прынята рашэнне вярнуцца назад і правесці пасадку ва ўмовах павышаных мер бяспекі. Поўнае заключэнне стане вядома пасля тэхнічнай экспертызы.

Здарэнне абышлося без пацярпелых. На борце знаходзіліся 4 члены экіпажу, 63 пасажыры, з якіх двое - дзеці, а таксама адно немаўля.

Прадстаўнікі авіякампаніі таксама паведамілі, што цяпер тэхнічнай праверцы будуць падвергнуты ўсе самалёты Bombardier Q400 NextGen, якія маюцца ў распараджэнні airBaltic. Гэта першы выпадак, калі ў гэтых самалётаў канстатаваны праблемы з пярэднім шасі.