Сёння беларусы могуць убачыць зоркапад

У сярэдзіне лістапада метэорны паток Леаніды сустрэнецца з Зямлёй, а на начным небе можна будзе назіраць штогадовы зоркапад. Пра гэта паведамляе tut.by са спасылкай на space.com.

13.11.2016 / 16:22

Фота space.com

Асобныя метэоры атрымаецца ўбачыць ужо ў нядзелю, 13 лістапада. Пік патоку чакаецца ў чацвер, 17 лістапада. Шанцы ўбачыць знічкі захаваюцца да 21 лістапада.

Цяпер паток не такі моцны: на думку эксперта NASA Біла Кука, у гадзіну чакаецца прыкладна 10-15 палаючых метэораў. Убачыць зоркапад можна будзе з любой кропкі Зямлі, пэўная перавага будзе ў жыхароў Паўночнага паўшар'я. Радыянт метэорнага патоку знаходзіцца ў сузор'і Льва — менавіта адтуль візуальна будуць з'яўляцца знічкі.

Фота StarDate Magazine, space.com

Леаніды — хвост каметы 55P/Тэмпеля — Тутля, які вяртаецца да Зямлі кожныя 33 гады. Менавіта да Леанідаў адносіўся самы грандыёзны зоркапад мінулага стагоддзя — у 1966 годзе на небе з'яўляліся тысячы метэораў у хвіліну. Найбольш інтэнсіўныя ўспышкі адбываюцца, калі Зямля праходзіць праз асабліва густы ўчастак патоку. Аднак гэтага не прадбачыцца да 2033 года.

Назіраць метэорны паток сёлета можа ўскладніць яркае святло Месяца. Аднак пэўную колькасць метэораў усё роўна атрымаецца ўбачыць няўзброеным вокам пры ўмове яснага надвор'я і цёмнага неба.