У Баку ліквідавалі смяротніка пры спробе падрыву ля гандлёвага цэнтра

04.12.2016 / 11:09

Азербайджанскія спецслужбы ліквідавалі тэрарыста, які спрабаваў падарваць пояс смяротніка каля аднаго з гандлёвых цэнтраў Баку. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на аддзел па грамадскіх сувязях Службы дзяржаўнай бяспекі Азербайджана.

Як удакладнілі ў ведамстве, сілавікі каля гандлёвага цэнтра «Біна» праводзілі аперацыю па затрыманні Эміна Джамі, які аказаў супраціў і паспрабаваў прывесці ў дзеянне выбуховую прыладу.

«Захадамі ў адказ ён быў знішчаны спецыяльнай аператыўнай групай», — гаворыцца ў паведамленні.

Служба дзяржбяспекі нагадвае, што 38-гадовы грамадзянін Азербайджана Эмін Джамі ў 2007 годзе быў асуджаны за ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі Наіфа аль-Бадаві, у якой дзейнічаў пад псеўданімам Абу Джафар. У пачатку 2016 года Джам вызваліўся з-за кратаў і зноў наладзіў сувязі з баевікамі, яго падазравалі ў падрыхтоўцы тэрактаў на тэрыторыі Азербайджана.

nn.by