Суд патлумачыў, чаму пакаранне Давыдовічу такое мяккае

Прэс-служба Вярхоўнага суда апублікавала на сайце тлумачэнне па рэзананснай справе ў дачыненні да заснавальніка дабрачыннай арганізацыі «У дапамогу дзецям-сіротам», які 28 снежня быў прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

29.12.2016 / 17:36

Вячаслаў Давыдовіч. Фота Сяргея Гудзіліна

Улічваючы, што паводле папярэдняга прысуду па эканамічным артыкуле Вячаслаў Давыдовіч адседзеў амаль тры гады, на волю ён выйдзе прыкладна праз год і восем месяцаў.

Справа слухалася ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме, бо гаворка ішла аб палавых злачынствах.

Першапачаткова фігуранту выставілі абвінавачванне па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да непаўналетніх, у дачыненні да заведама малалетніх (чч. 2 і 3 арт. 167; пакаранне — да 15 гадоў пазбаўлення волі), палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту (арт. 168; да 4 гадоў пазбаўлення волі), незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць (ч. 2 арт. 233; да 5 гадоў пазбаўлення волі), злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424; да 6 гадоў пазбаўлення волі), службовы падлог (ч. 2 арт. 427; да 3 гадоў пазбаўлення волі).

Аднак падчас судовага разбору дзяржабвінаваўца Сяргей Кротаў выставіў новае абвінавачанне Давыдовічу ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных толькі арт. 168, ч. 2 арт. 233 КК. У судзе таксама не знайшло пацвярджэння абвінавачанне ў службовых злачынствах (арт. 424, 427).

У выніку Вячаслава Давыдовіча прызналі вінаватым у тым, што ў яго былі сэксуальныя адносіны з непаўналетнімі (але без гвалту з яго боку, гэта значыць усе пацярпелыя былі згодныя на інтым), а таксама ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Па гэтых артыкулах суд прызначыў максімальна магчымае, згодна з законам, пакаранне.

«Суд не мае права выйсці за межы выстаўленага абвінавачання, не можа змяніць кваліфікацыю злачынства і ўжыць артыкул КК, які прадугледжвае больш строгае пакаранне, — адзначаецца ў растлумачэнні прэс-службы ВС. — Нельга ўжыць артыкул з больш суровым відам пакарання, з большай мінімальнай або максімальнай санкцыяй, а таксама які прадугледжвае дадатковае пакаранне або звязаны з больш строгім рэжымам адбыцця пакарання».

Адразу пасля абвяшчэння прысуду журналісты задавалі пытанне дзяржабвінаваўцу, чаму не знайшлі пацвярджэння абвінавачванні па арт. 167. Усё ж такі розніца ў максімальных тэрмінах (15 гадоў пазбаўлення волі і 4 гады пазбаўлення волі) істотная. Аднак пракурор выразных тлумачэнняў не даў, спаслаўшыся на тое, што судовы разбор праходзіў ў закрытым рэжыме.

«Але гэта не значыць, што на стадыі папярэдняга следства спрацавалі дрэнна», — заявіў Кротаў.

Адвакат Давыдовіча Кацярына Шакун заявіла, што па арт. 168 КК у справе каля 10 эпізодаў. «Аб тысячах ахвяр гаворка не ідзе», — адзначыла абаронца.

Паводле яе слоў, абвінавачаны не прызнаў віну ні па адным выстаўленым складзе. У яго ёсць права абскардзіць прыгавор у Вярхоўным судзе.

Фігурант «справы педафілаў» Давыдовіч асуджаны за сувязь з падлеткамі на 5 гадоў, але адсядзіць менш за 2 гады