У Ганцавічах спрабаваў пакончыць з сабой 12-гадовы хлопчык

10.01.2017 / 21:55

Ганцавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку па факце замаху на суіцыд 12-гадовага школьніка.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, гэта адбылося 9 студзеня каля 20.30 у Ганцавічах у дзіцячым сацыяльным прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Цяпер вучань 7-га класа адной з ганцавіцкіх школ знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні бальніцы ў Баранавічах.

Для высвятлення ўсіх акалічнасцяў здарэння апытваюцца выхаванцы прытулку і педагагічны калектыў.

Паводле адной з версій, прычынай здарэння сталі асабістыя перажыванні з-за непадзеленых пачуццяў.