Суд у Лос-Анджэлесе скасаваў шлюб Джоні Дэпа і Эмбер Херд

14.01.2017 / 08:47

Суд у Лос-Анджэлесе паставіў кропку ў шлюбаразводным працэсе зоркі Галівуду Джоні Дэпа і актрысы Эмбер Херд, паведамляе Reuters.

Суд пастанавіў, што Дэп пасля разводу выплаціць Херд $7 млн. Па словах актрысы, яна збіраецца ахвяраваць іх на дабрачынныя мэты. Палову з гэтай сумы яна паабяцала аддаць Амерыканскаму саюзу грамадзянскіх свабод, другую палову — Дзіцячай бальніцы Лос-Анджэлеса.

Згодна з рашэннем суда, Дэп абавязаны выплаціць $ 200 тыс. адразу ж, астатняе - на працягу года.

Шлюб акцёраў доўжыўся 15 месяцаў. У маі мінулага года Херд падала на развод, абвінаваціўшы Дэпа ў пастаянных абразах. Кульмінацыя, па яе сцвярджэнні, наступіла тады, калі ў маі муж кінуў ёй у твар мабільны тэлефон і разбіў некалькі прадметаў у кватэры.