У Беларусі паштовыя адпраўленні можна будзе адсочваць праз мабільную праграму

17.01.2017 / 17:14

У РУП «Белпошта» з'явіцца ўласная мабільная праграма, паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Матусевіч, перадае БелТА.

«У ліку нашых праектаў на бліжэйшую будучыню — зрабіць мабільную паштовую праграму. Карыстальнікам будзе даступны шэраг паслуг — ад адсочвання паштовых адпраўленняў да здзяйснення плацяжоў», — распавёў Матусевіч. Акрамя таго, праз яе можна будзе выклікаць паштовага кур'ера.

Кліентам «Белпошты» таксама стануць даступныя паслугі паштаматаў — прылад для адпраўкі і атрымання пасылак. Паштаматы ўжо тэстуюцца спецыялістамі. На першым этапе ў Мінску з'явіцца 11 такіх прылад, далей плануецца пашырыць сетку да 20.

У 2017 годзе «Белпошта» мае намер актыўна ўдзельнічаць у інтэрнэт-гандлі. «У бліжэйшы час наладзім супрацоўніцтва з шэрагам краін СНД, у першую чаргу, з Расіяй, каб арганізаваць магчымасць набыцця беларускіх тавараў, у тым ліку непасрэдна на нашай інтэрнэт-пляцоўцы», — растлумачыў Матусевіч.