Змітра Дашкевіча аштрафавалі на 1 150 рублёў

30.01.2017 / 15:40

Першамайскі суд Мінска аштрафаваў Змітра Дашкевіча на 1150 рублёў (амаль 600 долараў). Яго прызналі вінаватым у непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі.

Як паведаміў у сваім акаўнце на Фэйсбуку сам Дашкевіч, яго затрымалі 31 снежня ў 23.30 каля дома. У навагоднюю ноч Дашкевіч з паплечнікамі меркаваў правесці акцыю ў цэнтры Мінску — сустрэць свята з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі.

У судзе, які прайшоў у адсутнасць Дашкевіча, супраць яго сведчылі міліцыянты Максімаў і Панасенка. Яны заявілі, што ён адмаўляўся прайсці для разбіральніцтва ў Першамайскае РУУС Мінска — «упіраўся нагамі, сядаў на зямлю».

Дашкевіч называе пратакол ілжывым і як доказ выклаў відэа, якое зняў падчас затрымання, паведамляе Еўрарадыё.