Пяскоў: Звароту Баранчыка аб прытулку мы не атрымлівалі

17.03.2017 / 21:20

У Крамлі не атрымлівалі зварот грамадзяніна Беларусі, шэф-рэдактара агенцтва «Рэгнум» з просьбай пра палітычны прытулак у Расіі, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў, паведамляе ТАСС.

«Не было ніякіх зваротаў. Ніякіх папер мы не атрымлівалі, мне невядома пра тое, што нейкія ўваходзілі звароты на гэты конт», — сказаў ён.

Пяскоў нагадаў, што «існуюць пэўныя каналы падачы зваротаў, яны добра вядомыя».

Нагадаем, Баранчыка затрымалі ў Маскве ноччу 15 сакавіка па запыце Следчага камітэта Беларусі па справе «прарасійскіх калумністаў». Адвакат Баранчыка заявіў, што яго падабаронны адразу ж звярнуўся да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з просьбай даць яму палітычны прытулак. Генеральны пракурор Беларусі назваў просьбу аб прытулку «выкрутамі і піярам». Суд Масквы вырашыў не арыштоўваць Баранчыка, бо палічыў неабгрунтаванымі абвінавачванні пазоўніка (СК Беларусі). Баранчыка адпусцілі на свабоду 17 сакавіка.