Жонка ратавальніка-«баевіка» распавяла пра затрыманне мужа

22.03.2017 / 19:43

Падчас імправізаванай прэс-канферэнцыі ля разбітай машыны Змітра Дашкевіча жонка Андрэя Дундукова распавяла пра яго затрыманне:

«Мы з мужам, дзіцем і сябрам Максімам С. ехалі адпачываць у Чарнігаў і Кіеў — гэта быў падарунак мужа на 8 Сакавіка. На беларуска-ўкраінскай мяжы нас затрымалі, пратрымалі чатыры гадзіны, нічога не тлумачачы. Потым канфіскавалі машыну сябра, рэчы, карткі, на якіх былі грошы. Вярнулі толькі тое, што было ў маім заплечніку, і дзіцячыя рэчы. 

Нас пасадзілі ў службовую машыну і разам з супрацоўнікамі КДБ і гомельскага АМАПа павезлі ў Мінск. Там нам з дзіцёнкам выклікалі таксі, а Андрэя і Максіма павезлі, як сказалі, у КДБ. Паабяцалі цягам 24 гадзін паведаміць, што з ім. Тэрмін мінае праз паўтары гадзіны — пакуль ніхто не тэлефанаваў». 

Андрэй Дундукоў — ратавальнік рэспубліканскага атрада спецыяльнага назначэння, прапаршчык, затрыманы пасля заяў Аляксандра Лукашэнкі аб выкрыцці «лагера баевікоў» недзе ў лясах «паміж Бабруйскам і Асіповічамі».

УШ