За стральбу па крумкачах і вокнах на мінчука завялі крымінальную справу

16.05.2017 / 14:10

Міліцыя затрымала 35-гадовага мінчука, які зладзіў стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі ў цэнтры горада. Мужчына заявіў, што хацеў напалохаць надакучлівых крумкачоў, а ў вокны кватэр трапіў выпадкова. Падрабязнасці паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама.

У міліцыю звярнуліся дзве жанчыны, якія знайшлі пашкоджанні на вокнах у сваіх кватэрах. Быў затрыманы 35-гадовы мужчына.

Падазраваны патлумачыў, што яго пачалі моцна раздражняць крумкачы за вокнамі, таму ён вырашыў іх спудзіць. Для гэтага ўзяў сваю пнеўматычную вінтоўку і страляў па птушках, але кулі патрапілі ў вокны дома насупраць.

Цэнтральным (горада Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа па ч.1 арт. 339 (Хуліганства). Санкцыя артыкулу - ад грамадскіх работ і аж да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, што аналагічны выпадак адбыўся ў красавіку ў Салігорску. Там 56-гадовы мужчына страляў у двары па крумкачах з пнеўматычнай вінтоўкі, а трапіў у акно дзіцячага сада.