Адрукоўка Трампа ў твітары стала новым інтэрнэт-мемам

31.05.2017 / 21:35

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў карыстальнікам твітара самім здагадацца, што значыла незразумелае слова, якое з'явілася на некаторы час у яго акаўнце, піша ВВС. 

«Нягледзячы на пастаянную негатыўную covfefe ў прэсе…» — такі няскончаны твіт з'явіўся ў акаўнце прэзідэнта ЗША Дональда Трампа напярэдадні.

Невядомае слова выклікала буру захаплення ў інтэрнэт-карыстальнікаў. Сёння твіт быў выдалены, а Трамп прапанаваў падпісчыкам здагадацца аб значэнні слова.

«Хто зможа зразумець сапраўднае значэнне covfefe? Атрымлівайце асалоду!» — напісаў Трамп.

Незразумелае слова прыцягнула да сябе ўвагу дзясяткаў тысяч карыстальнікаў, аднайменны хэштэг узначаліў хіт-парад амерыканскага сегмента сацсеткі.

Запіс Трампа паспеў набраць больш за 150 тысяч лайкаў, яшчэ 120 тысяч чытачоў рэтвітнулі яго.

Слова covfefe вокамгненна стала інтэрнэт-мемам, у сеціве з'явіліся тысячы жартаў з выкарыстаннем гэтага слова.

Амерыканскі гумарыст Джымі Кімель паскардзіўся, што ніколі не напіша нічога больш смешнага за covfefe

Частка карыстальнікаў выказала здагадку, што Трамп хацеў напісаць слова coverage (асвятленне падзей у СМІ).

У базе анлайн-слоўніка англамоўнага слэнгу Urban Dictionary ужо з'явілася вызначэнне слова.

«Covfefe (наз.) — калі ты хочаш сказаць «асвятленне», але твае рукі занадта малыя, каб націснуць на ўсе патрэбныя літары на клавіятуры», — іранічна піша аўтар адпаведнага запісу ў слоўніку.

nn.by