У Шатландыі выпрабавалі аўтамабіль на біяпаліве з віскі

Шатландскі стартап Celtic Renewables прыступіў да выпрабаванняў аўтамабіля, які заправілі біяпалівам, вырабленым з адыходаў вытворчасці віскі. Як паведамляецца на сайце кампаніі, гэта першы ў свеце аўтамабіль, запраўлены менавіта такім відам паліва. Першая паездка машыны ўжо адбылася і была прызнана паспяховай, удакладняе BBC News.

12.07.2017 / 10:21

Ford Focus перад пачаткам выпрабаванняў на біяпаліве. Фота: Celtic Renewables

Паліва, якое называецца біябутанол, прызначанае ў якасці прамой замены для бензіну і дызельнага паліва і не патрабуе аўтамабіля са спецыяльна мадыфікаваным рухавіком. 

Стартапаўцы лічаць, што вытворчасць такога біяпаліва ў Шатландыі можна будзе арганізаваць у вялікіх аб'ёмах, а яго кошт будзе адносна нізкім.

ВВС

У Шатландыі пры вытворчасці віскі штогод выпрацоўваецца больш за 750 тысяч тон донных рэшткаў і два мільярды літраў брагі. Celtic Renewables плануе заключыць дамовы з вытворцамі віскі аб пастаўках адыходаў вытворчасці. Стартап таксама ўжо атрымаў ад уладаў Шатландыі грант у памеры 9 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

Новы завод будзе пабудаваны ў шатландскім Грэнджмуце да канца 2018 года.

ІП