Канада адмяніла гандлёвыя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі

12.07.2017 / 20:53

Урад Канады прыняў рашэнне адмяніць гандлёвыя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі, уведзеныя ў 2006 годзе. Пра гэта гаворыцца ў пастанове, апублікаванай у сераду ва ўрадавым весніку Canada Gazette.

«У адпаведнасці з абавязальніцтвамі ўрада Канады па дыпламатычным узаемадзеянні з міжнароднай супольнасцю і ў адказ на нядаўнія пазітыўныя змены ў Беларусі ўрад Канады аб'яўляе аб сваім рашэнні вывесці Беларусь з Рэгіянальнага кантрольнага спісу, — гаворыцца ў дакуменце. — Такім чынам адмяняюцца меры, уведзеныя ў снежні 2006 года».

У Рэгіянальны кантрольны спіс уваходзяць краіны, на якія распаўсюджваюцца меры па кантролі над экспартам і перадачай любых тавараў і тэхналогій.

Цяперашняе рашэнне, адзначаецца ў дакуменце, сведчыць таксама аб прызнанні Канадай «канструктыўнай ролі Беларусі ў садзейнічанні перамоваў аб спыненні агню і ўсталяванні міру ва Украіне».