Пройдзе чацвёрты раўнд Дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю 

19.07.2017 / 09:50

20 ліпеня ў Бруселі Еўрапейскі Саюз і Беларусь правядуць чарговы раўнд двухбаковага Дыялогу па правах чалавека.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі, дэлегацыю ЕС будзе ўзначальваць кіраўнічы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе замежных дзеянняў Томас Маер-Хартынг. Беларускую дэлегацыю будзе ўзначальваць намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка. У яе ўвойдуць прадстаўнікі беларускага міністэрства замежных спраў і іншых профільных міністэрстваў.

Прадстаўнікі беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці і недзяржаўных арганізацый таксама возьмуць удзел у абмеркаваннях.

Падчас чацвёртага раўнда Дыялогу паміж ЕС і Беларуссю бакі разгледзяць шырокі спектр пытанняў, звязаных з правамі чалавека і дэмакратыяй як у Беларусі, так і ў ЕС, і абмяркуюць супрацоўніцтва ў прасоўванні правоў чалавека на міжнародных пляцоўках, у тым ліку з дапамогай механізмаў ААН.

ЕС адводзіць пытанням правоў чалавека цэнтральнае месца ў сваіх замежных адносінах і вядзе дыялогі па правах чалавека са шмат якімі краінамі ва ўсім свеце. У 2001 годзе Рада ЕС прыняла Кіраўнічыя прынцыпы Дыялогаў па правах чалавека з трэцімі краінамі, якія былі перагледжаны ў 2009 годзе. Трэцяя сустрэча ў рамках Дыялогу па правах чалавека адбылася ў Мінску прыкладна год таму.

nn.by