Навукоўцы распавялі, калі адбудзецца апошняе поўнае сонечнае зацьменне

Апошняе поўнае сонечнае зацьменне адбудзецца прыкладна праз 600 мільёнаў гадоў, бо да гэтага часу Месяц аддаліцца ад Зямлі на гэтакую вялікую адлегласць, што ён не зможа закрываць свяціла сваім дыскам, паведамляе Space.com.

31.07.2017 / 21:51

«Поўнае сонечнае зацьменне з'яўляецца «танцам» трох партнёраў — Месяца, Сонца і Зямлі. Яно можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі становішчы спадарожніка планеты і свяціла вельмі дакладным чынам супадуць. З часам колькасць і працягласць поўных зацьменняў памяншаецца, і прыкладна праз 600 мільёнаў гадоў Зямля ў апошні раз стане сведкам падобнае падзеі», — распавядае Рычард Вондрак з Цэнтра касмічных палётаў НАСА імя Годарда (ЗША).

Наступнае поўнае зацьменне Сонца, як адзначаюць навукоўцы, адбудзецца зусім хутка — 21 жніўня гэтага года, калі цень Месяца закрые святло зоркі для жыхароў шматлікіх рэгіёнаў у цэнтральнай частцы ЗША.

nn.by