У Італіі пара з дзіцем правалілася ў кратар вулкана і загінула

12.09.2017 / 20:29

11-гадовы хлопчык і яго бацькі загінулі, праваліўшыся ў кратар вулкана Сальфатара непадалёк ад Неапаля, паведамляе ВВС са спасылкай на італьянскія СМІ.

ЕРА

Паводле папярэдніх даных, усё адбылося пасля таго, як хлопчык зайшоў у забароненую для прагулак зону.

Бацькі паспрабавалі адцягнуць яго ў бяспечнае месца, але база кратара абвалілася, і яны ўпалі ўніз. Усе трое атруціліся газамі і загінулі на месцы.

Іншы іх сын сямі гадоў да кратара не набліжаўся і не пацярпеў, аднак стаў сведкам трагедыі. З ім цяпер працуюць псіхолагі.

Паведамляецца, што сям'я прыехала з Турына, які знаходзіцца на поўначы Італіі. Бацькам было каля 40 гадоў.

ЕАР

Размешчаны на захад ад Неапаля вулкан Сальфатара карыстаецца вялікай папулярнасцю ў турыстаў.

Вулкан лічыцца бяздзейным з 1198 года, калі адбылося апошняе вывяржэнне. У яго вузкі кратар, і ён вядомы багатымі выкідамі сернага газу і пары.

Месца, дзе правалілася сям'я, характарызуецца наяўнасцю зыбкага пяску, а паверхня можа абвальвацца.